Гісторыя Беларусі - Раннефеадальнае грамадства
Рэлігія славян. Распаўсюджанне хрысціянства на Беларусі
Да прыняцця хрысціянства ўсходнія славяне з’яўляліся язычнікамі ці паганцамі. Гэта значыць, што яны пакланяліся розным з’явам прыроды – агню, сонцу, месяцу, вадзе і г.д. Напярэдадні хрысціянізацыі склаўся пантэон багоў славян, якія мелі антропаморфны выгляд (выглядалі як людзі). Галоўныя багі – Пярун – бог грому, маланкі і вайны, Сварог – бог неба, Ярыла – бог сонца, Велес – бог-абаронца хатняй жывёлы. Цэнтрамі язычніцкай рэлігіі былі свяцілішчы – капішчы, дзе адбываліся малебны, ахвярапрынашэнні, у тым ліку і чалавечыя. Служкай паганскага культу быў жрэц – пасрэднік паміж людзьмі і багамі. Жрацы падтрымлівалі агонь на капішчах, бо агонь валодаў свяшчэннай ачышчальнай сілай. Сваіх нябожчыкаў славяне спальвалі на вогнішчы, а знатных – нават разам з жонкамі, рабамі і вялікай колькасцю прылад працы. Гэта гаворыць аб існаванні развітых уяўленняў пра жыццё пасля смерці.
Менавіта ў той час склаліся галоўныя святы славян, звязаныя з сельскагаспадарчым і каляндарным цыкламі, шанаваннем продкаў. Некаторыя з іх дайшлі да нашых дзён. Гэта зажынкі – пачатак уборкі ўраджаю, звязванне першага снапа і дажынкі – свята апошняга снапа; масляніца – свята адраджэння сонца ў пачатку вясны, калі пякліся бліны – сімвалы нябеснага свяціла. Культ шанавання продкаў увасабляецца ў святах Дзяды і Радаўніца. Новы год у славян пачынаўся з сакавіка месяца – гэта таксама было звязана з нараджэннем сонца, хуткім пачаткам сельскагаспадарчай працы.
Але паганства ўжо не адпавядала патрэбам кіруючай вярхушкі Кіеўскай Русі. Суседнія дзяржавы і дзяржавы, з якімі ўсходнія славяне былі звязаны гандлёвымі сувязямі адмовіліся ад паганства на карысць хрысціянства (Еўропа), ці мусульманства (Азія). На землях Старажытнай Русі таксама былі знаёмы з хрысціянствам. Бабка Ўладзіміра Святаславіча, княгіня Вольга, прыняла хрысціянства ў Канстантынопалі разам з некаторымі прадстаўнікамі кіеўскай знаці. У Кіеве пад час княжання Святаслава дзейнічала Дзесяцінная царква, і шмат кіеўлян, што арыентаваліся на супрацоўніцтва з Візантыяй (асабліва нараджаемае заможнае купецтва) веравызнавалі хрысціянства па ўсходнім абрадзе.