Гісторыя Беларусі - Культура Беларусі ў IX-XVII ст.
Берасцейская царкоўная ўнія
У 1054 г. адбыўся канчатковы раскол хрысціянскай царквы на заходнюю – каталіцтва і ўсходнюю – праваслаўе. Вялікае княства геапалітычна знаходзілася на мяжы двух рэлігій, таму абедзве канфесіі былі шырока прадстаўлены ў дзяржаве. Гэта давала падставы праваслаўнай Маскве і каталіцкаму Захаду для ўмяшання ва ўнутраныя справы княства. Каб абараніць незалежнасць ВкЛ, трэба было нешта іншае – не каталіцтва і не праваслаўе.
Да XVI ст. выразна праступілі рысы крызісу праваслаўя. Канстантынопаль быў захоплены туркамі, епархіі княства не здолелі стварыць незалежную сістэму адукацыі, падрыхтаваць кваліфікаваныя кадры радавога духавенства, наглядаўся крызіс прапаведніцтва. Праваслаўе страчвала інтэлектуальную апору – тагачасную інтэлігенцыю. Езуіт Пётр Скарга адмячаў стан праваслаўя ў ВкЛ так – “папы схалопелі, навука ўпала”. Да таго, ва ўмовах Лівонскай вайны з Расіяй арыентацыя на Маскву (цэнтр праваслаўя, з 1589 – у Маскве патрыярхія) выглядала здрадніцтвам. У той час на Захадзе наглядаўся духоўны ўздым, ствараліся нацыянальныя цэрквы. Неабходнасць рэфармавання царквы разумелі беларускія праваслаўныя іерархі. Супадзенне гэтых фактараў (культурная дэградацыя праваслаўя, узвышэнне праваслаўнай Масквы, імкненне дзяржаўных кіраўнікоў ВкЛ на ўмацаванне незалежнасці і памкненні Ватыкана на акаталічванне княства) паспрыяла хуткаму правядзенню царкоўнай рэформы – увядзенню ўніяцтва.