Гісторыя Беларусі - Заходняя Беларусь у складзе Польшчы
Культура Заходняй Беларусі ў 20–30-я гады
Зместам нацыянальна-культурнай палітыкі польскіх улад на заходнебеларускіх землях была прымусовая паланізацыя і асіміляцыя мясцовага насельніцтва. Так, да 1938/39 навучальнага года ў заходнебеларускіх ваяводствах не было ніводнай беларускай школы (на 1919 г. іх было каля 400). Насельніцтва, якое валодала беларускай мовай, лічылася непісменным, пазбаўлялася выбарчых правоў. Навучанне вялося ў польскамоўных установах. На 1927/1928 навучальны год было 3,455 школ, дзе вучылася 292,9 тыс. вучняў і 85 гімназій (17,8 тыс. вучняў); на 1937/1938 навучальны год колькасць школ склала лічбу ў 4.421 (гэта 546,6 тыс. вучняў), гімназій – 54 (15,9 тыс. вучняў). Высокая плата за навучанне (220 злотых за год у гімназіі) абмяжоўвала магчымасці асветы.
Супраць гэтай сітуацыі выступіла Таварыства беларускай школы (ТБШ). Яно дзейнічала на працягу 1921-1937 гг. У розны час яго ўзначальвалі Б.Тарашкевіч, І.Дварчанін, Р.Шырма, П.Пестрак і інш. Яго сябры выступалі за беларускую школу, рыхтавалі новыя падручнікі, стваралі чытальні, гурткі самаадукацыі. У канцы 20-х гг. пад націскам грамадскасці было адчынена 18 беларускіх школ. А 500 гурткоў арганізацыі аб’ядналі каля 30 тыс. членаў. Ідэйным кіраўніком ТБШ стаў вучоны-філолаг, літаратар, аўтар "Беларускай граматыкі для школ" (1918 г.) Браніслаў Тарашкевіч. Сапраўднымі асяродкамі беларускай мовы і культуры становяцца Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (1926-1936 гг.), беларускія гімназіі ў Вільні (1914-1944), Наваградку, Нясвіжы, Радашковічах, Клецку, Будславе (зачынены ў канцы 20-х – пачатку 30-х гг.). У віленскіх выдавецтвах выходзяць “Хрэстаматыя беларускай літаратуры ХІ век – 1905 год” М.Гарэцкага (1922 г.), “Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры (ад 1905 г.)” І.Дварчаніна (1927 г.), падручнікі для беларускіх школ С.Рак-Міхайлоўскага, С.Паўлоўскага, беларускамоўныя часопісы і газеты (“Маланка”, “Шлях моладзі”, “Летапіс ТБШ” (“Беларускі летапіс”), “Беларуская крыніца” і інш.). У 1921 г. на базе прыватнай калекцыі беларускага археолага і этнографа І.Луцкевіча па ініцыятыве Беларускага навуковага таварыства (1918–1939) быў заснаваны Віленскі беларускі гісторыка-этнаграфічны музей. У навуковай і культурна-асветніцкай рабоце актыўна ўдзельнічалі В.Ластоўскі, А.Станкевіч, Б.Тарашкевіч, браты Луцкевічы і інш.