Беларусь — адна з краін-заснавальніц ААН

Беларусь – адна з краін-заснавальніц ААН. Страты беларускага народа ў вайне

Пасля трохгадовай нямецкай акупацыі Беларусь, якая няспынна змагалася з ворагам, нягледзячы на страты, узбагаціла свой палітычны статус. 27 красавіка 1945 г. Міжнародная канферэнцыя ў Сан-Францыска, скліканая для заснавання Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, прыняла рашэнне аб уключэнні БССР у лік краін-заснавальніц гэтай арганізацыі, што з’явілася прызнаннем міжнароднай супольнасцю вялікага ўкладу народа Беларусі ў разгром фашызму ў гады Другой сусветнай вайны.

Сталін дамагаўся ўключэння дзвюх рэспублік у новы сусветны орган, спасылаючыся на велізарныя страты і ўклад Беларусі і Украіны ў перамогу над фашысцкаю Нямеччынай. Але ёсць меркаванне, што Сталін так сама праследаваў яшчэ адну мэту, калі настойваў на членстве савецкіх рэспублік у ААН. Гэтае ён рабіў больш з той прычыны, каб суняць украінскі і беларускі нацыянальныя рухі, якія выявілі сябе ў часе акупацыі. Прэм’ер-міністр Чэрчыль на Ялцінскай канферэнцыі згадзіўся з першымі довадамі Сталіна. «Я спачуваю Беларусі, – сказаў ён, – якая перамагае тыранаў, сплываючы крывёю».

А крыві пралілася на Беларусі сапраўды зашмат. На пачатак мая 1945 г., калі скончылася вайна, Беларусь страціла звыш 2,2 млн. Жыхароў, 380000 было дэпарціравана чорнарабочымі ў Германію. Было спалена альбо разбурана 209 гарадоў і мястэчак і 9 200 вёсак (1,2 млн. будынкаў). Рэспубліка страціла 61% коней. 69% буйной рагатай жывёлы. 89% свіней, 78% авечак. Матэрыяльныя страты ў дзяржаўных цэнах 1941 г. дасягалі 75 млрд. рублёў. Буйнейшыя гарады, такія як Мінск альбо Віцебск, на 80-90% ляжалі ў руінах.

Ответить