Антыкамінтэрнаўскі пакт

Антыкамінтэрнаўскі пакт. Складванне блока агрэсіўных дзяржаў

3 кастрычніка 1935 г., у адпаведнасці з галоўнымі прыярытэтамі фашысцкай знешняй палітыкі, пачынаецца агрэсія Італіі ў Паўночна-Усходняй Афрыцы. Да таго, Італія заручылася згодай Францыі на гэтую акцыю. Ужо 5 мая 1936 г. італьянскія войскі захапілі сталіцу Абісініі (Эфіопіі). Вельмі жорстка супраць агрэсіі выступіла ў Лізе Нацый Англія – італьянская агрэсія пагражала яе калоніям ў Афрыцы. Прынятыя гэтай міжнароднай арганізацыяй пад націскам СССР і Англіяй санкцыі (эмбарга на экспарт зброі, забарона на займы і крэдыты, абмежаванне гандлю, закрыццё Суэцкага канала для італьянскіх судоў) мелі вынікам міжнародную ізаляцыю Рыма. Адначасова 7 сакавіка 1936 г. Берлін санкцыянуе ўвод войск вермахта ў Рэйнскую дэмілітарызаваную зону. Рашэнне было станоўча успрынятае большасцю насельніцтва Германіі, як факт аднаўлення яе тэрытарыяльнага суверэнітэту. Ліга Нацый толькі канстатуе факт парушэння міжнародных дамоваў. 21 сакавіка 1936 г. Гітлер у ўрачыстых абставінах заявіў: «…дух Версаля знішчаны». Краіны-агрэсары знаходзяць паразуменне, і Мусаліні нічога не заставалася як прымірыцца са сваім былым ворагам – Гітлерам.

Беспакаранасць агрэсіі натхняла нацыстаў і фашыстаў да новых акцый. У ліпені 1936 г. у Іспаніі пачаўся ваенна-фашысцкі мяцеж супраць рэспубліканскай улады. Германія і Італія арганізавалі ў падтрымку мяцежнікаў ваенную інтэрвенцыю. Міжнародны камітэт салідарнасці з Іспаніяй, утвораны ў Парыжы сабраў 800 млн. франкаў у фонд падтрымкі Народнага фронту. Звыш 35 тыс. чалавек з 54 краін свету (з іх 3 тыс. савецкіх дабравольцаў) змагаліся ў 7 інтэрбрыгадах, каля 7 тыс. загінула ў баях (у тым ліку танкісты-беларусы П.Е.Купрыянаў і М.А.Сяліцкі, якім было прысвоена званне Герояў Савецкага Саюза). Толькі СССР пастаўляў у Іспанію зброю, паліва, медыкаменты, харчаванне; арганізаваў эвакуацыю мірнага насельніцтва.

Англія і Францыя прытрымліваліся «палітыкі неўмяшальніцтва» ў справы Іспаніі. «Пагадненне аб неўмяшанні» падпісалі 27 еўрапейскіх краін. Яно забараняла ўвоз зброі, ваенных матэрыялаў і тэхнікі ў Іспанію. Ліга Нацый выказала толькі сабліва «хваляванне наконт падзей у Іспаніі». У сакавіку 1939 г. рэспубліка пала, устанавілася дыктатура генерала Ф.Франка. Урады Вялікабрытанія і Францыя афіцыйна прызналі дыктатарскі рэжым.

24 кастрычніка 1936 г. падпісваецца пакт аб утварэнні «вось Берлін-Рым», згодна якому Германія прызнала анэксію Абісініі, Італія не ўмешвалася ў аўстрыйскія справы і абедзве дзяржавы абяцалі праводзіць агульную лінію ў адносінах вайны ў Іспаніі. 25 лістапада 1936 г. Германія і Японія заключылі «Антыкамінтэрнаўскі пакт», да якога ў лістападзе 1937 г. далучылася Італія, а крыху пазней – Вугоршчына, Маньчжоў-Го, Сіам, Балгарыя, Фінляндыя, Румынія, Данія, Славакія і Харватыя і інш. У снежні 1937 г. Італія выйшла з Лігі Нацый і такім чынам канчаткова прывязала сябе да агрэсіўнага блоку дзяржаў на чале з нацыскай Германіяй. Ужо ў верасні 1940 г. Германія, Італія і Японія заключылі ў Берліне ваенна-палітычны і эканамічны
саюз – «Траісты пакт» (так званая «вось Берлін-Рым-Токіа»). Фармальна Антыкамінтэрнаўскі пакт з’яўляўся ідэалагічным пагадненнем. Але акрамя барацьбы супраць уплыву Камінтэрна ў сакрэтным дадатку да яго прадугледжвалася абавязацельства бакоў не аказваць дапамогу СССР, калі ён будзе ў стане вайны з адным з яго ўдзельнікаў. Гэта закладвала асновы ваенна-палітычнага саюзу трох агрэсараў і вяло да падзелу сфер ўплыву ў Еўропе і Азіі. Адначасова сама назва пакту павінна была зняць занепакоенасць заходнееўрапейскіх краін стварэннем такога саюзу – бо абвяшчалася аб антыбальшавіскім яго накірунку. Гэта дазволіла Гітлеру спакойна рыхтавацца да пашырэння «жыццёвай прасторы» для арыйскай расы ў Еўропе.

Заходнееўрапейскія дэмакратыі не здолелі адыйсці ад прынцыпаў палітыкі «замірэння», распаўсюдзіўшы іх і на новых агрэсараў. Н.Чэмберлен санкцыянаваў аншлюс Аўстрыі, у выніку 11 сакавіка 1938 года на яе тэрыторыю ўвайшло
200-тысячнае германскае войска. 13 сакавіка Аўстрыя «уз’ядналася» з Германіяй. Толькі СССР прызываў да жорсткага, у тым ліку ваеннымі сродкамі, адпору агрэсару, але гэтыя прапановы не знайшлі паразумення ў Лізе Нацый.

Вельмі напружаная сітуацыя склалася на Далёкім Усходзе, дзе барацьбу за тэрытарыяльны перадзел вяла Японія. Яна разлічвала ўвайсці ў кола «вялікіх» дзяржаў, але была зняважана Англіяй і ЗША пад час падпісання Портсмуцкага міру па выніках Русска-японскай вайны. Таму ўвайсці ў кола «вялікіх» краін свету яна імкнулася праз усталяванне свайго панавання ў Кітаі і ў басейне Ціхага акіяна. У верасні 1931 г. японскія войскі акупіравалі паўночны Кітай – Маньчжурыю і стварылі там марыянетачную дзяржаву Маньчжоў-Го. «Пераемнасць» улады сімвалізаваў былы імператарам Кітая – Пу-І, які юрыдычна ўзначаліў урад краіны, але фактычна не меў ніякіх паўнамоцтваў. Ліга Нацый ў лютым 1933 г. асудзіла захоп Маньчжурыі і патрабавала вярнуць яе Кітаю. У адказ Японія выйшла з Лігі Нацый у сакавіку 1933 г. і пачала рыхтавацца да новых тэрытарыяльных захопаў. У 1937 г. японскі ўрад разгарнуў шырокамаштабную агрэсію ў цэнтральным Кітаі, захапіўшы вялікую тэрыторыю з багатымі прыродныя рэсурсы. Савецкі Саюз аказаў падтрымку кітайскаму ўраду Гаміньдан і заключыў з ім 21 жніўня 1937 г. дагавор аб ненападзенні. У лістападзе 1937 г. у Бруселі адкрылася канферэнцыя 19 краін, якая абмяркоўвала «японскае пытанне». Удзельнікі канферэнцыі маральна асудзілі агрэсара і абмежавалася добрымі пажаданнямі ў адрас Кітая. Урады Англіі, Францыі і ЗША рабілі спробы справакаваць савецка-японскую вайну, чаму спрыяла жорсткая пазіцыя СССР у адносінах да японскай агрэсіі. Так, з 1936 па 1938 гг. на ў сходняй мяжы СССР адбылося 230 узброеных савецка-японскіх канфліктаў. Летам 1938 г. японскія войскі былі разгромлены каля возера Хасан, а ў маі-жніўні 1939 г. у раёне р. Халхін-Гол (Мангольская народная рэспубліка). Падчас адкрытай інтэрвенцыі Японіі супраць МНР савецкія і мангольскія войскі здолелі разбіць японскую групоўку лікам у 38 тыс. салдат. Гэтае паражэнне перапыніла намеры японскіх мілітарыстаў на Далёкім Усходзе, пераарыентавалі галоўны накірунак іх агрэсіі ў паўднёвыя рэгіёны Ціхага акіяна. Гэта супярэчыла памкненням Англіі. Яшчэ перад катастрофай пад Халхін-Голам Японія атрымала падтрымку сваёй палітыкі ад Лондана. У чэрвені
1939 г. паміж гэтымі краінамі было падпісана пагадненне, згодна якому Англія абавязвалася не супрацьдзейнічаць Японіі ў Кітаі
(і Савецкай Расіі) калі апошняя не будзе пагражаць англійскім калоніям у рэгіёне – Індыі, Сінгапуру і інш. Гэтае пагадненне больш вядома як «далёкаўсходні Мюнхен».

Цікавую пазіцыю займалі ў знешнепалітычных справах ЗША. Яшчэ ў XIX ст. у Кангрэсе была прынятая дактрына знешнепалітычнай дзейнасці – «дактрына Манро». Сутнасць яе: Амерыка – для Амерыкі. Яна прадугледжвала неўмяшальніцтва ЗША у еўрапейскія справы, якія не датычыліся нацыянальных інтарэсаў Амерыкі, але і справы амерыканскага кантыненту аб’яўляліся выключнай манаполіяй амерыканскага ўраду. Спробу прэзідэнта В.Вільсана ў пачатку XX ст. (першая сусветная вайна) выйсці на шырокую міжнародную арэну амерыканская палітычная эліта не прыняла і ЗША вярнуліся пасля першай сусветнай вайны да прынцыпаў «дактрыны Манро».

Ответить