Вялікая Айчынная вайна - ПАРТЫЗАНСКАЯ БАРАЦЬБА
Падпольная барацьба
Адначасова з узброенай партызанскай барацьбой разгортвалася падпольная антыфашысцкая дзейнасць у гарадах і іншых населеных пунктах. Партыйна-савецкія ўлады напярэдадні акупацыі Беларусі паклапаціліся аб тым, каб пакінуць заканспіраваныя групы, арганізаваць яўкі, распрацаваць розныя віды сувязі. На гэта арыентавала дырэктыва ЦК КП(б)Б ад
30 чэрвеня 1941 г. аб пераходзе на падпольную работу партарганізацый раёнаў, занятых ворагам. Звярталася ўвага на тое, што партызанская барацьба павінна знаходзіцца ў полі зроку і весціся пад непасрэдным кіраўніцтвам заканспіраваных падпольных партыйных структур. Мясцовыя парторганы ў сціслыя тэрміны правялі работу па ўтварэнню на тэрыторыі Беларусі партыйна-камсамольскага падполля. Да поўнай акупацыі рэспублікі ў 89 раёнах Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай, Палескай і Пінскай абласцей былі арганізацыйна аформлены раённыя падпольныя парторганы (райкомы, тройкі) на чале з сакратарамі або членамі былых парторганаў.
У чатырох абласцях – Гомельскай, Магілёўскай, Мінскай і Пінскай – заставаліся абласныя парторганы. Для арганізацыйна-кіруючай дзейнасці ў тыле ворага былі пакінуты звыш 1200 камуністаў, у тым ліку 8 сакратароў абкомаў і 120 сакратароў гаркомаў і райкомаў партыі. Усяго ж для нелегальнай работы ў Беларусі заставалася звыш 8500 камуністаў. Кіраўніцтва камсамола рэспублікі на акупаванай тэрыторыі пакінула
73 кіруючых работнікаў, больш за 1400 ячэек, у якіх у агульнай колькасці налічвалася звыш 5 тыс. чалавек. Па меркаванню партыйнага і камсамольскага кіраўніцтва, пакінутыя ў тыле ворага камуністы і камсамольцы павінны былі з’явіцца тым ядром, вакол якога згуртуюцца ўсе свядомыя і патрыятычныя сілы. Трэба зазначыць, што з пастаўленай мэтай пакінутыя партыйныя і камсамольскія работнікі, радавыя камуністы і камсамольцы справіліся паспяхова, аб чым сведчаць размах, глыбіня і агульныя вынікі супраціўлення захопнікам.