Агрэсія Германіі на Балканах

Агрэсія Германіі на Балканах

Пасля перамогі над Захадам асаблівую ўвагу Берліна прыцягвалі краіны Балканскага рэгіёну. Па-першае, гэта быў важны стратэгічны рэгіён у планах падрыхтоўкі вайны супраць СССР. Балканскія краіны пры правядзенні адпаведнай работы з іх урадамі маглі стаць саюзнікамі Берліна і іх тэрыторыю, матэрыяльныя і людскія рэсурсы можна было б выкарыстаць у вайне супраць Савецкага Саюза. Да таго, на Балканах вельмі моцны ўплыў мела Англія – і гэты ўплыў трэба было ліквідаваць.

У адносінах да Балгарыі, Румыніі, Венгрыі і Фінляндыі праводзілася палітыка як прамога націску, так і выкарыстоўвалася пакрыўджанасць гэтых краін на СССР, асабліва Румыніі і Фінляндыі. Новым саюзнікам абяцаліся і значныя тэрытарыяльныя набыцці на Усходзе.

Румыніі абяцалі вярнуць Малдавію (Бесарабію) і дадаць паўднёвыя раёны Украіны. У адказ урад Антанэску дазволіў ўвесці на тэрыторыю краіны германскія войскі і даў згоду на сумеснае нападзенне на СССР. Аналагічную згоду даў урад Фінляндыі восенню 1940 г., якой была абяцана Карэлія і Ленінградская вобласць, акрамя тэрыторыі багацейшых нікелевых радовішчаў.

Пасля жорсткага націску з Берліна ў сакавіку 1941 г. аб далучэнні да «траістага пакта» заявіў урад Балгарыі. Гэта рашэнне было з незадавальненнем успрынятае балгарскім народам. У выніку ў краіну былі ўведзены нямецкія войскі. Берлін так сама апрацоўваў урад Югаславіі. Вельмі моцную падтрымку Германіі аказвалі сепаратысцкія колы харвацкіх нацыяналістаў. 25 сакавіка 1941 г. урад Цвятковіча падпісаў пратакол аб далучэнні да «траістага пакту» . Гэта выклікала востры палітычны крызіс у краіне і прывяло да дзяржаўнага перавароту 27 сакавіка 1941 г. Новы ўрад генерала Сімовіча  5 красавіка 1941 г. заключыў дагавор аб сяброўстве і ненападзенні паміж СССР і каралеўствам Югаславіі. СССР імкнуўся захаваць незалежнасць Югаславіі і Грэцыі, але такія памкненні ў склаўшайся рэчаіснасці ў Еўропе былі немагчымымі да выканання. Падпісанне такога дагавору перакрэслівала ўсе планы гітлераўскай Германіі, таму без аніякіх цырымоніяў
6 красавіка 1941 г. германскія, італьянскія і венгерскія войскі ўторгліся ў Югаславію. Яшчэ не дамогшыся канчатковай перамогі, 12 красавіка Гітлер падзяліў Югаславію паміж Германіяй, Італіяй, Венгрыяй і Балгарыяй. А 18 красавіка 1941 г. у Сараеве быў падпісаны акт аб капітуляцыі Югаславіі. Харватыя была абвешчана «незалежнай» дзяржавай.

Найбольш моцныя пазіцыі Англія мела ў Грэцыі. Менавіта з гэтай нагоды, адначасова з агрэсіяй супраць Югаславіі разгарнуліся ваенныя дзеянні супраць Грэцыі. Гарыстая мясцовасць спрыяла грэкам, якія доўгі час малымі сіламі трымалі абарону на горных перавалах на балгарскай і албанскай межах. Падтрымку Грэцыі аказаў англійскі экспедыцыйны корпус, які налічваў 50 тыс. чалавек. Але ў выніку здрады камандуючага грэчаскай арміі яна 23 красавіка капітулявала. Германскія і італьянскія войскі акупіравалі краіну і шматлікія астравы ў Эгейскім моры, у тым ліку востраў Крыт, якому адводзілася роля плацдарма для захопу Суэцкага канала і краін Бліжняга Усходу. Паўднёва-усходняя Еўропа аказалася пад кантролем агрэсараў, якія значна ўмацавалі свае пазіцыі. Краіны, якія не пайшлі насустрач агрэсіўным планам Берліна, страцілі сваю нацыянальную незалежнасць.

Ответить