Арганізацыя абароны краіны

Арганізацыя абароны краіны

У першы дзень вайны да грамадзян СССР па радыё звярнуўся намеснік старшыні СНК В.М.Молатаў, які ад імя Савецкага ўраду прызваў «забяспечыць перамогу над ворагам» шляхам арганізацыі належнай абароны. Разам з разуменнем цяжкага стану на франтах і растучай перспектывай зацяжной вайны пачала фарміравацца сістэма мерапрыемстваў па пераводу ўсяго жыцця краіны на ваенныя рэйкі і ствараецца сістэма надзвычайных органаў кіравання.

Ужо 22 чэрвеня 1941 г. Прэзідыум ВС СССР прыняў Указ «Аб ваенным становішчы». У краіне ўводзілася абавязковая працоўная павіннасць, звышурочныя работы, устанаўліваўся надзвычайны распарадак работы для дзяржаўных ўстаноў, прамысловых і гандлёвых арганізацый, а таксама ваенныя нормы забеспячэння насельніцтва таварамі і прадуктамі харчавання, на тэрыторыі ўсіх пагранічных рэспублік уводзілася ваеннае становішча.

30 чэрвеня 1941 г. ЦК ВКП (б) і СНК СССР прынялі мабілізацыйны народнагаспадарчы план на ІІІ квартал 1941 г., які патрабаваў тэрмінова пачаць мабілізацыю ўсіх рэсурсаў краіны для забеспячэння патрэб ваеннай абароны. Прадугледжвалася неадкладна ажыццяўляць эвакуацыю – мэтанакіраванае перабазіраванне насельніцтва, абсталявання прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, прадуктаў харчавання, маёмасці, матэрыяльных і культурных каштоўнасцей з месцаў, якім пагражала акупацыя. У выніку яе Урал, Заходняя Сібір і Сярэдняя Азія пераўтварыліся ў асноўную базу ваеннай эканомікі СССР. Сюды за ліпень-снежань 1941 г. былі эвакуіравана 2593 прамысловыя прадпрыемствы, у тым ліку 1523 буйныя, галоўным чынам з сістэмы ВПК. Гэта 85% магутнасцяў авіяцыйнай прамысловасці, 9 асноўных танкавых заводаў, амаль 95% прадпрыемстваў Наркамата ўзбраенняў. Але фактычна цалкам быў страчаны Данецкі прамысловы рэгіён.

25 чэрвеня 1941 г. была арганізавана Цэнтральная эвакуацыйная камісія пры СНК БССР, якую ўзначаліў старшыня рэспубліканскага СНК І.С.Былінскі. У надзвычай цяжкіх умовах з тэрыторыі Беларусі было выратавана абсталяванне і кадры 124 буйных прамысловых прадпрыемтваў і каля 1,5 млн. жыхароў Беларусі, больш за паўмільярда руб. грашовага фонду, 60% трактароў, 18% камбайнаў, 53% буйной рагатай жывёлы і інш. Раёнамі размяшчэння беларускай прамысловасці сталі Паволжа, Урал, сярэдняя паласа РСФСР, Заходняя Сібір.

29 чэрвеня 1941 г. ЦК ВКП(б) і СНК СССР прымаюць дырэктыву аб прынцыпах перабудовы ўсяго жыцця краіны на ваенны лад, уся дзейнасць у тыле падпарадкоўваецца выключна інтарэсам фронту. Значна пашыралася кантрольная функцыя партыі. На 1170 буйных прадпрыемстваў былі прызначаны парторгі ЦК, з лістапада 1941 г. аднаўляюцца палітаддзелы пры МТС і ў саўгасах. Ствараюцца спецыялізаваныя Наркаматы – танкавай прамысловасці ў верасні і мінамётнай зброі ў лістападзе. Дзеля вырашэння праблемы працоўных кадраў ствараецца Камітэт па ўліку і размеркаванню працоўнай сілы. Страта значнай часткі эканамічнага патэнцыялу прывяла да крытычнага падзення аб’ёмаў прамысловай вытворчасці ў СССР у другой палове 1941 г. Тым не менш, за ліпень-снежань 1941 г. у СССР было выраблена 4,8 тыс. танкаў, 8,2 тыс. самалётаў, 30 тыс. гармат, 42 тыс. мінамётаў, каля 90 тыс. пісталетаў-калямётаў і каля 1,6 млн. карабінаў. Але гэтага было мала, бо страты склалі за той жа перыяд 6 млн. адзінак стралковай зброі, каля 20 тыс. танкаў, 101 тыс. гармат і мінамётаў, 17 тыс. самалётаў.

30 чэрвеня 1941 г. ствараецца Дзяржаўны Камітэт Абароны (ДКА) на чале з Старшынёй СНК СССР І.В.Сталіным. ДКА цэнтралізаваў дзяржаўнае і ваеннае кіраўніцтва. Грамадзяне краіны, партыйныя, савецкія, камсамольскія і ваенныя органы абавязаны безагаворачна выконваць рашэнні і распараджэнні ДКА. Ён вырашаў пытанні пераводу эканомікі на ваенны лад, ажыццяўляў мабілізацыю людскіх і матэрыяльных рэсурсаў краіны, ажыццяўляў падрыхтоўку рэзерваў і кадраў для Узброеных Сіл і прамысловасці, арганізоўваў эвакуацыю, перавод прадпрыемстваў у вызваленыя раёны і аднаўленне разбуранай народнай гаспадаркі ў заходніх абласцях краіны. 4 верасня 1945 г. яго дзейнасць ДКА была прыпынена.

Асаблівую вастрыню набываюць пытанні забеспячэння насельніцтва харчаваннем. З 18 ліпеня па канец 1942 г. уводзіцца картачная сістэма. Яна распаўсюджваецца толькі на 4 катэгорыі грамадзян: рабочых, служачых, іждзевенцаў і дзяцей да 12 гадоў. Нормы былі вельмі невялікія – ад 800 грамаў хлеба ў дзень для рабочага да 400 – для дзяцей. З агульнай колькасці насельніцтва СССР у 200 млн. чалавек цэнтралізавана забяспечвалася ў 1941 г. толькі каля 56 млн. Сяляне павінны былі разлічваць толькі на свае прысядзібныя ўчасткі.

У сферы ваенных мерапрыемстваў з 22 чэрвеня, у адпаведнасці з Указам Прэзідыўма ВС СССР, праводзіцца масавая мабілізацыя ваеннаабавязаных. У абставінах вялікага пытрыятычнага ўздыму шмат падавалася заяў аб добраахвотным уступленні ў рады арміі. На працягу аднаго тыдня было мабілізавана звыш 5 млн. чалавек, з тэрыторыі БССР – каля 500 тыс.чалавек. Да 1 снежня 1941 г. дзеючая армія атрымала 291 дывізію і
94 брыгад.

Для непасрэднага кіраўніцтва ваеннымі дзеяннямі на франтах 23 чэрвеня 1941 г. была створана Стаўка Галоўнага Камандавання, якая 10 ліпеня была пераўтворана ў Стаўку Вярхоўнага Камандавання пад старшынствам І.Сталіна, які прызначаецца наркомам абароны і Вярхоўным Галоўнакамандуючым Узброенымі сіламі СССР. Для ўзмацнення ідэалагічнай работы ў Чырвонай Арміі з 16 ліпеня 1941 г. аднаўляецца інстытут ваенных камісараў – «прадстаўнікоў партыі і ўрада ў войску», а ў ротах і батальёнах уводзіліся пасады палітрукоў.

Прымаюцца надзвычайныя меры па пераадоленню панічных настрояў у арміі. У жніўні Стаўка аддае загад №270, па якому тых, хто здаецца ў палон, трэба лічыць дэзерцірамі і здраднікамі Айчыны, іх сем’і падлягаюць арышту. Ліквідацыя дэзерціраў у прыфрантавой паласе ўскладвалася на асобыя аддзелы НКУС, створаныя ў ліпені 1941 г. У верасні 1941 г. пры кожнай стралковай дывізіі ствараліся заградзіцельныя атрады, якія павінны былі выкарыстоўваць зброю супраць панікёраў.

24 чэрвеня 1941 г. СНК СССР прымае пастановы аб стварэнні ў прыфрантавой паласе знішчальных батальёнаў. Галоўная іх мэта – барацьба з дыверсійнымі і дэсантнымі групамі праціўніка. Да канца ліпеня ў СССР было арганізавана 1755 такіх батальёнаў агульнай колькасцю звыш 328 тыс. чалавек.
Да 15 ліпеня 1941 г. у БССР было створана 78 знішчальных батальёнаў (больш за 13 тыс. чалавек) і 300 груп самаабароны
(27 тыс. чалавек). На знішчальныя батальёны, акрамя ваенных задач – ліквідацыі дыверсантаў і паветранага дэсанту, ускладвалася задача ратавання матэрыяльных і культурных каштоўнасцяў ці знішчэння прамысловасці і матэрыяльных рэсурсаў, якія не падлягалі эвакуацыі. Найбольшы размах гэтая дзейнасць атрымала на ўсходзе БССР, куды войскі вермахта прыйшлі як у пустыню.

Народнае апалчэнне так сама было формай масавага патрыятычнага руху. Яно выканала ролю часовага заслону на шляху ірваўшыхся на ўсход войск вермахта. У кароткі час у яго запісалася да 1 млн.чалавек. Было створана каля 60 дывізій народнага апалчэння. Але дрэнна ўзброеныя і неабучаныя апалчэнскія дывізіі ў баях неслі вялізарныя, амаль 100%-ныя страты. Да таго, істотны ўрон мела народная гаспадарка, якая недалічвалася кваліфікаваных рабочых рук. Па меры зніжэння напружанасці на франтах расфарміравалі апалчэнне.

Толькі на 12-ы дзень пасля пачатку вайны, 3 ліпеня, калі вызначыліся маштабы страт і сталі відавочнымі паражэнні Чырвонай Арміі ў памежных раёнах, савецкі народ пачуў па радыё незвычайнае і па форме і па зместу выступленне старшыні ДКА І.В.Сталіна. У ім Сталін растлумачыў прычыны адступлення арміі, апраўдаў перадваенны саюз з Германіяй, даў ацэнку вайне – як вайне татальнай, якая вядзецца на знішчэнне.
З гэтай нагоды вайна была названая «Айчыннай».