Утварэнне ВКЛ

Вышэйшыя асобы

Вышэйшыя асобы

Маршалак земскі з’яўляўся ахоўнікам этыкету і парадку пры двары гаспадара. Меў важныя функцыі: старшынстваваў на сеймавых паседжаннях і ў Радзе, абвяшчаў пастановы гаспадара і Рады. Ён жа кіраваў прыёмам паслоў, прасіцеляў са скаргамі, судзіў за злачынствы, здзейсненые пад час правядзення сеймаў. Меў намесніка – маршалка дворнага.

Гетман найвышэйшы камандаваў усімі ўзброенымі сіламі дзяржавы. У ваенных абставінах і пад час паходаў меў шырокія паўнамоцтвы – нават мог пакараць падначаленых смерцю без суда. Меў намеснікаў – гетмана дворнага і гетмана польнага, што ўзначальвалі частку войска.

Канцлер у ВкЛ кіраваў дзяржаўнай канцылярыей, наглядаў за дакладнасцю вядзення Метрыкі – дзяржаўнага архіва, храніў дзяржаўную пячатку ВкЛ і ставіў подпіс пад законамі, без гэтага законы не мелі моцы. Намеснік канцлера – падканцлер – прымаў удзел у падрыхтоўке законаў, кіраваў юрыдычнай службай канцылярыі.

Падскарбі земскі – хавальнік дзяржаўнай казны (скарба). Заведаваў даходамі і расходамі дзяржавы; захоўваў дзяржаўныя рэгаліі – скіпетр, меч, сцяг, шапку Гедыміна; распараджаўся ваеннымі прыпасамі (арсеналам ВкЛ), а з сярэдзіны XVI ст. займаўся кіраваннем дзяржаўнай зямельнай маёмасцю. Яго намеснік – падскарбі дворны – захоўваў дварцовую казну вялікага князя, яго асабістыя каштоўнасці і грошы. Дапамагалі падскарбіям шматлікія служачые – скарбнікі, ключнікі, мытнікі, дзяржаўцы, цівуны.

Гаспадарчыя дваране і ўраднікі выконвалі даручэнні князя і Рады (праводзілі рэвізіі, выконвалі пастановы дзяржаўных органаў і судоў). Непасрэдна кіраваў імі маршалак дворны.

На важнейшыя дзяржаўныя пасады прызначаліся прадстаўнікі знатных родаў ВкЛ вялікім князем са згоды Рады, вельмі часта пасады займалі прадстаўнікі беларускіх знатных родаў, як праваслаўных, так і каталіцкіх. Сярод іх – Астрожскія, Пацы, Хадкевічы, Глінскія, Сапегі, Кішкі, Тышкевічы, Чартарыйскія, Радзівілы, Іллінічы, Валовічы, Друцкія, Зяновічы і інш.