Дзяржаўны лад

Дзяржаўны лад і органы кіравання ў ВКЛ

Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае было феадальнай манархіяй, дзе феадалам было забяспечана права валодання залежным насельніцтвам – сялянамі. Насельніцтва княства падзялялася на дзве вялікія групы – феадалаў-землеўласнікаў і феадальна-залежнае насельніцтва. Насельніцтва падзялялася на саслоўі – шляхту, мяшчан, духавенства і сялян.

Феадалы (шляхта) – гэта найбольш прывілеяваная частка насельніцтва, яе моц апіралася на выключнае права валодання зямлёй. Гэтае саслоўе не было аднародным. Вялікімі багаццямі валодалі былые ўдзельныя князі (Рурыкавічы, Рагвалодавічы, Альгердавічы) і некаторыя баяры, што ўзвысіліся пры папярэдніх вялікіх князях. Гэтыя феадалы стварылі праслойку магнатаў – найбольш уплывовых асоб ў княстве, што займалі галоўныя дзяржаўныя пасады ў княстве. Астатнія феадалы – нашчадкі баяр – на працягу XVI ст. сталі звацца шляхтай. Кансалідацыі гэтага саслоўя паспрыяла ўзвышэнне ролі сейма ў дзяржаўным кіраванні, у паседжаннях якога прымалі ўдзел выбранцы з шляхты кожнага павета і ваяводства.

Саслоўе сялян да сярэдзіны XVI ст. так сама было неаднародным. Асабіста свабодные заможные сяляне, што выконвалі ваенную службу (зваліся баярамі, баярамі путнымі, баярамі панцырнымі ці баярамі слугамі) па статусу былі найбольш набліжаны да дробнай шляхты. Але разам з імі існавалі шматлікія катэгорыі феадальна-залежнага сялянства. Прававое становішча сялян – гэта поўная палітычная бяспраўнасць, абмежаваная грамадзянская праваздольнасць, павышаная крымінальная адказнасць. Па сутнасці, сяляне існавалі для забеспячэння патрэб феадалаў і дзяржавы.

Мяшчане – жыхары гарадоў, падзяляліся на тры групы згодна маёмаснаму становішчу. Вярхі складалі заможныя купцы і цэхмайстры, яны часта валодалі зямельнай маёмасцю, што набліжала гарадскі набілітэт да шляхты. Сярэднюю групу складалі дробныя гандляры і рамеснікі. Часта яны валодалі нерухомай маёмасцю ў горадзе і маглі ўдзельнічаць у працы органаў гарадскога самакіравання. Ніжэйшая група – чэляднікі, вучні, “чорныя людзі” не мелі аніякіх праў.

Прававое становішча мяшчан залежыла ад таго, у якім горадзе яны пражывалі. Значнымі правамі карысталіся жыхары Вільні, Полацка, Бярэсця, Мінска і іншых буйных дзяржаўных гарадоў з правам на самакіраванне і даравальнымі ільготнымі граматамі. Меньшымі правамі валодалі жыхары мястэчак і гарадоў, што не мелі права на самакіраванне. Жыхары прыватнаўласніцкіх гарадоў з’яўляліся феадальна залежным насельніцтвам.

Духавенства не змагло ўтварыць адзіную карпаратыўную грамаду. Да таго было некалькі ўмоў. Крыніцамі папаўнення саслоўя былі – феадальнае асяроддзе, мяшчанства, заможнае асабіста свабоднае сялянства. Да таго, на тэрыторыі княства дзейнічалі прадстаўнікі некалькіх рэлігій – каталіцтва, праваслаўя, уніяцтва (з 1596 г.), пратэстанцкіх цэркваў, было яўрэйскае і магаметанскае духавенства. Часта духавенства прызнавала ўладу замежных царкоўных устаноў, што наносіла шкоду дзяржаўным інтарэсам княства.

Сталіца дзяржавы – гэта галоўны горад, дзе месціліся органы дзяржаўнага кіравання, рэзідэнцыя кіраўніка дзяржавы – вялікага князя. Тут збіраліся агульнадзяржаўныя вальныя сеймы. З 1323 г. сталіцай Вялікага княства Літоўскага Гедымін абраў Вільню (крывіцкае паселішча Крывы горад) на рацэ Віліі. З цягам часу Вільня стала адным з буйнейшых горадоў ва Ўсходняй Еўропе. Па некаторых звестках, нсельніцтва Вільні ў XVI ст. было пераважна беларускім, праваслаўным.

Герб дзяржавы – “Пагоня” – летапісы ўзгадваюць пад 1270 – 1290-я гг., часцей за ўсё звязваюць з асобай Віценя. Спачатку гэта быў асабісты герб вялікага князя, пазней ён стаў гербам дзяржавы. Статут 1566 г. юрыдычна замацаваў “Пагоню” як дзяржаўны герб ВкЛ. Кожнае ваяводства і павет павінны былі мець пячатку з “Пагоней”. Дзяржаўны герб меў наступны выгляд – на шчыце барочнай формы пурпуровага колеру ў сярэдзіне месціўся белы коннік з мячом і шчытом.

На працягу XIV – XVII стст. беларуская, а дакладней, старабеларуская мова выконвала функцыі дзяржаўнай мовы ВкЛ. На ёй былі выдадзены галоўныя законы княства – Судзебнік 1468 г., усе тры Статуты ВкЛ, вялася Метрыка Вялікага княства Літоўскага. На беларускай мове вялося справаводства ў гарадскіх магістратах, земскіх і замкавых судах, яна выкарыстоўвалася пры правядзенні рэвізій і інвентарызацый не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і на ўласна літоўскай тэрыторыі. Пасля заключэння Люблінскай уніі ўмовы для далейшага развіцця беларускай мовы як мовы дзяржаўнай, значна пагоршыліся. Справаводства паступова пераводзілася на польскую мову. Спецыяльнай сеймавай пастановай 1696 г. беларуская мова была забаронена для ўжывання ў справаводстве на тэрыторыі Рэчы Паспалітай.