Рэч Паспалітая

Эканамічны ўздым у другой палове XVIII ст.

Эканамічны ўздым на Беларусі ў другой палове XVIII ст.

У другой палове XVIII ст. адбылося значнае ажыўленне ва ўсіх сферах эканомікі Беларусі. Прычынамі ажыўлення былі: дэмаграфічная, звязана з хуткім ростам насельніцтва, ў 1791 – налічвалася звыш 3,6 млн. жыхароў на беларускіх землях. Да канца XVIII ст. насельніцтва беларускай вёскі ўжо перавысіла ўзровень 1648 г., а гарадскія жыхары склалі каля 11% ад усяго насельніцтва. Як вынік, павялічылася вытворчасць сельскай гаспадаркі і прамысловасці.

Другая прычына – узрастанне попыту на сельскагаспадарчыя прадукты як у самой Беларусі, так і за яе межамі. Спрос на прадукцыю сяла павялічваўся таму, што ўзрасло насельніцтва гарадоў. Знешні гандаль значна ажывіўся, таму што рэзка выраслі цэны на збожжа (на жыта павялічыліся ў 4,5 – 5, пшаніцу ў 3 – 4, а на авёс і ячмень у 2 – 2,5 разы) на замежным рынку ў другой палове XVIII ст. Таму феадалы пашыралі ўласные фальваркі, пасевы збожжавых культур.

Трэцяя прычына звязана з унутрыпалітычнымі змяненнямі ў Рэчы Паспалітай. Павялічвалася зацікаўленасць у бесперашкодным развіцці рынку, паляпшэнні агульных умоў развіцця эканомікі краіны. Магнаты і феадалы-прадпрымальнікі імкнуліся да пэўнага ўрэгулявання ўнутрыдзяржаўнага ладу. Пад іх уздзеяннем у 60-70-я гг. XVIII ст. былі праведзены гаспадарча-адміністрацыйныя рэформы, якія ўзмацнілі цэнтральны апарат дзяржаўнай улады: на сеймах абмяжоўвалася прымяненне вета па фінансавых справах, былі створаны адміністрацыйныя органы па галінах кіравання, заснавана Скарбавая камісія – спецыяльны дзяржаўны орган па кіраванні фінансамі, ажыццяўленні судовых функцый па фінансавых справах, нагляду за гандлем.

У 1775 г. былі выдадзены законы, якія дазвалялі беларускім мяшчанам набываць феадальныя маёнткі, а шляхце займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю і гандлем без страт сваіх шляхецкіх правоў. Значнай колькасці багатых мяшчан прысвоена званне шляхты.

Чацвертая прычына – гэта меры з боку дзяржавы па развіцці гандлю і сродкаў зносін. У другой палове XVIII ст. пракладваюцца пінска-слонімскі і пінска-валынскі тракты. Праводзяцца работы па ачыстцы і рэгуліроўцы рэк, збудаванню рачных партоў, будаўніцтву дарог і мастоў. У 1784 г. закончана будаўніцтва канала, які праз Шчару, Ясельду і Прыпяць злучыў Нёман з Дняпром. У 1781-1784 гг. быў пабудаваны другі канал, які адкрываў шлях з Прыпяці ў Заходні Буг.

У 1766 г. уводзяцца адзіныя для Вялікага княства Літоўскага меры вагі, аб’ёму і даўжыні. У 1764 г., а потым у 1775 г. урад Рэчы Паспалітай уводзіць "генеральную мытную пошліну", абавязковую для ўсіх, і адмяняе ўнутраныя пошліны. Тады ж сойм уводзіць даўгавы працэнт у памеры не больш як 6% на карысць духоўных і не больш 7% для свецкіх крэдытораў.

Меры вярхоўнай улады садзейнічалі эканамічнаму развіццю Беларусі, у тым ліку і сельскай гаспадаркі. Гэта праявілася ў:

  • пашырэнні фальварачнай запашкі на захадзе і ў цэнтры Беларусі;
  • у асваенні новых зямель;
  • узнікненні новых фальваркаў;
  • удасканаленні агратэхнікі;
  • у росце пагалоўя хатняй жывёлы;
  • у павышэнні ўраджайнасці, якая дасягнула сам-4;
  • павялічэнні таварнасці вотчыннай сельскай гаспадаркі, пашырэнні яе сувязяў з рынкам.

Сельская гаспадарка. На гэты час ва ўладаннях феадалаў на ўсходзе Беларусі, як і раней, фальварачна-паншчынная гаспадарка не атрымала шырокага развіцця. Прычынамі гэтага былі аддаленнасць рэгіёна ад цэнтра дзяржавы; частыя ваенныя канфлікты; нізкая шчыльнасць насельніцтва.

У другой палове XVIII ст. ліквідуюцца вынікі разарэння і ў сялянскіх гаспадарках. Ураджаі былі ніжэй, чым на панскім полі, але ўжо складалі сам 3 – 3,5. Сяляне асвойвалі пустуючыя землі, а таксама расчышчалі ад лесу новыя плошчы. Сярэдні зямельны надзел прыватнаўласных сялян у другой палове XVIII ст. у цэлым па Беларусі склаў 0,63 валокі (больш чым 13,4 га) на адну гаспадарку. Ён быў большым, чым у перыяд войнаў і разбурэнняў, але яшчэ не дасягнуў узроўню даваеннага часу. На ўсходзе Беларусі сярэдні зямельны надзел быў некалькі большым, чым у заходніх і цэнтральных рэгіёнах. Пры аброчнай сістэме гаспадарання, якая пераважала на ўсходзе, у сяляніна была магчымасць апрацоўваць большую дзялянку зямлі.

Значна павялічылася ў другой палове XVIII ст. і колькасць цяглавай жывёлы ў сялянскіх гаспадарках. Гаспадароў, што не мелі коней амаль не было.

Сялянскія павіннасці заставаліся тымі ж, але змяніліся іх памеры. Узрасла паншчына, на трэць і больш павялічыўся грашовы аброк у чыншавых сялян. У цэлым сялянскія павіннасці ў гэты час павялічыліся ў сярэднім ў 1,5 раза ў параўнанні з папярэднім перыядам.

Паглыбленне эканамічнай дыферэнцыяцыі, выкарыстанне ў некаторых памешчыцкіх маёнтках разам з паншчынай і наёмнай працай, зараджэнне вотчыннай прамысловасці, рост сельскай гаспадаркі сведчылі аб тым, што пачалося разлажэнне феадальна-прыгонніцкай гаспадаркі. У другой палове XVIII ст. была адноўлена рашаючая ў той час галіна эканомікі Беларусі – сельская гаспадарка: на захадзе і ў цэнтры – да 60-х гг., на ўсходзе – да 70-х гг.

Гарады. Да канца XVIII ст. была адноўлена большасць гарадскіх паселішчаў. На Беларусі налічваўся 41 горад і каля 397 мястэчак з агульнай колькасцю жыхароў каля 370 тыс., што складала каля 11% усяго насельніцтва. Аднак агульная колькасць гарадоў да канца XVIII ст. не дасягнула ўзроўню першай паловы XVII ст.

Галоўную ролю адыгрывалі вялікія гарады на галоўных гандлевых шляхах – Віцебск, Гродна, Магілёў, Мінск. Рамеснае насельніцтва ў вялікіх гарадах складала 30-40 %, у малых 10-25% ад агульнай колькасці жыхароў. Акрамя рамяства важным заняткам жыхароў гарадоў заставалася сельская гаспадарка, а таксама розныя промыслы – рыбная лоўля, сплаў лесу і інш.

Самая вялікая рамесная група – апрацоўшчыкі металаў. У сярэднім яны складалі 20-30% ад агульнай колькасці рамеснага насельніцтва гарадоў. Гэта кавалі, слесары, залатых і сярэбраных спраў майстры, ювеліры, меднікі, бляхары і майстры зброевай справы. Другая група – рамеснікі па скураным вырабе. У Мінску іх было каля 22% ад усіх рамеснікаў. Трэцяя – майстры па вырабе адзення: краўцы, ткачы, прадзільшчыцы, суконшчыцы, шапачнікі, шубнікі і інш. Іх было значна менш. Чацвёртая – рамеснікі будаўнічых спецыяльнасцяў: цесляры, столяры, цагельнікі, муляры, печнікі, шкляры. Значная частка гарадскіх рамеснікаў займалася вырабам прадуктаў харчавання. Па буйных гарадах налічвалася да 45-60 рамесных прафесій.

Пануючае становішча ў гарадах заставалася за цэхавым рамяством, але колькасць цэхаў змяньшалася да канца XVIII ст. Адначасова расла колькасць рамеснікаў, якія працавалі па-за межамі цэха. Яны пачалі выкарыстоўваць наёмных работнікаў. Такое становішча павялічвала канкурэнцыю і садзейнічала разбурэнню сярэдневяковай арганізацыі вытворчасці.

У XVIII ст. на Беларусі з’явілася мануфактурная вытворчасць, заснаваная на раздзяленні працы і ручной тэхніцы. Для іх характэрна выкарыстоўванне прасцейшых машын і значныя рыначныя сувязі. Першыя прадпрыемствы адчынялі буйныя феадалы, якія мелі магчымасці для арганізацыі мануфактур у сваіх маёнтках і танную рабочую сілу – прыгонных сялян (такія прадпрыемствы зваліся вотчыннымі мануфактурамі). Акрамя магнатаў, актыўны ўдзел у развіцці мануфактурнай вытворчасці прымаў кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст. Па яго загаду галоўны ўпраўляючы эканоміямі, якія належалі каралю ў Беларусі і Літве Антонію Тызенгаузу, у 60-70-я гг. XVIII ст. заснаваў больш за 20 буйных прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку больш за 15 мануфактур у Гродне, а ў Брэсцкай эканоміі — металургічны завод у Рудні і суконную фабрыку ў Брэсце. У канцы XVIII ст. на Беларусі дзейнічалі звыш 50 прадпрыемстваў мануфактурнага тыпу.

Гандаль. Ажывіліся гандлёвыя аперацыі як на ўнутранным рынку так і са знешнімі рынкамі толькі ў другой палове XVIII ст. Гэтаму садзейнічала ўзнаўленне сельскай гаспадаркі; уздым рамеснай вытворчасці і развіццё мануфактуры; пашырэнне таварна-грашовых адносін; паляпшэнне сродкаў зносін.

У развіцці ўнутранага гандлю асноўная роля належыла кірмашам. Найбольш буйнымі былі кірмашы ў Мінску, Шклове, Бешанковічах і Зэльве. Рэгулярны гандаль праз крамы ажыццяўляўся пры буйных мануфактурах у Гродне, Кобрыне, Паставах і іншых гарадах.

Знешні гандаль – гэта вываз традыцыйных тавараў: збожжа, воску, мёду, шчаціння, скары. Пашырыўся вываз льну, пянькі, канаплянага і льнянога семя, зерня, лясных матэрыялаў, паташу, смалы, дзёгця, рагожы. Асноўнымі пунктамі вывазу былі балтыйскія порты Гданьск, Крулявец, Рыга. Паралельна пашыраліся гандлёвыя сувязі з Расіяй і Ўкраінай.

Такім чынам, у другой палове XVIII ст. Беларусь зрабіла значны крок наперад у сваім эканамічным развіцці. Завяршылася аднаўленне рашаючай галіны эканомікі – сельскай гаспадаркі. Наглядаюцца далейшы рост рамяства і паступовае перарастанне яго ў дробную таварную вытворчасць. Больш шырокае развіццё набывае працэс стварэння прамысловых прадпрыемстваў мануфактурнага тыпу, якія ў большай ступені былі звязаны з рынкам. Актывізуецца гандаль, умацоўваюцца і пашыраюцца гаспадарчыя сувязі Беларусі з іншымі краінамі.