Развіццё капіталістычнага спосабу вытворчасці ў сельскай гаспадарцы

Эканамічнае развіццё Беларусі ў другой палове XIX стагоддзя. Сельская гаспадарка ў 60–90-я гг. XIX ст

Развіццё капіталістычнага спосабу вытворчасці ў сельскай гаспадарцы

Памешчыцкая гаспадарка. У 60-70-я гг. у памешчыцкай гаспадарке ўсталявалася пераходная сістэма гаспадарання – адработачная сістэма, якая спалучала рысы феадальнай і капіталістычнай сістэм. Яе сутнасць – сяляне з прычыны эканамічнай неабходнасці арандавалі зямлю ў памешчыкаў, за што працавалі на зямлі памешчыка са сваім інвентаром і рабочай жывёлай. Пры капіталістычнай сістэме гаспадарання памешчыцкая зямля апрацоўвалася ўжо інвентаром і цяглай жывёлай уладальніка. Дэфіцыт сродкаў у часткі памешчыкаў не дазволіў ім адразу перайсці да капіталістычнага спосабу вытворчасці. Капіталістычная сістэма гаспадарання пераважала на захадзе Беларусі, а на ўсходзе – змешаная адработачна-капіталістычная.

Землеўладанне на Беларусі. Памешчыкам у другой палове 70-х гг. належала 8,7 млн. (50,5%) дзесяцін зямлі, казне – 1,6 млн. (9,9%), цэрквам і манастырам – 122,9 тыс. (0,7%) дзесяцін. Пераважала буйное землеўладанне (звыш 500 дзесяцін на ўладальніка).

Працэс пераходу да бессаслоўнага землеўладання адбываўся замаруджана. Прычынамі гэтага былі эканамічная ўстойлівасць буйных памешчыцкіх гаспадарак, арганізаваных на капіталістычны лад; абмежаванні, уведзеныя ўрадам пасля 1863 г., якія забаранялі каталікам набываць зямлю, сялянам-каталікам купляць больш за 60 дзесяцін на аднаго чалавека, і забараняла мець зямлю яўрэям; мэтанакіраванае насаджэнне землеўладання рускіх памешчыкаў.

Сельскагаспадарчая вытворчасць у памешчыцкай гаспадарке. Павелічэнне вытворчасці ішло экстэнсіўным шляхам, у выніку пашырэння пасяўных плошчаў. Вядучай галіной, як і раней, заставалася вытворчасць збожжа. Беларусь у 60–70-я гг. становіцца важным рэгіёнам экспарту збожжа (жыта, авёс, ячмень)за мяжу. Адначасова на Беларусь увозілася пшаніца.

Пачалі распаўсюджвацца мнагапольныя севазвароты, выкарыстоўвацца сельскагаспадарчыя машыны (у Мінскай губерні ў 20% абследаваных маёнткаў). Капіталізм у памешчыцкай гаспадарцы рабіў першыя крокі.