Беларуская наступальная аперацыя «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя «Баграціён»

Да лета 1944 г. становішча на савецка-германскім фронце склалася на карысць Чырвонай Арміі, якая ўтрымлівала стратэгічную ініцыятыву. План разгрому групы нямецка-фашысцкіх армій «Цэнтр» быў абмеркаваны ў Стаўцы і зацверджаны ў канцы мая 1944 г. Гэта аперацыя ўвайшла ў гісторыю пад назвай «Баграціён». Згодна з планам, прадугледжвалася прарваць абарону нямецкіх войскаў на цэнтральным участку савецка-германскага фронту, расчляніць групу армій «Цэнтр» на часткі і разграміць іх паасобку. Асаблівая ўвага надавалася акружэнню і паланенню германскіх дывізій.

Савецкаму боку ў гэтай аперацыі супрацьстаяла група армій «Цэнтр», дзве армейскія групоўкі «Поўнач» і «Паўночная Украіна». Агульная колькасць праціўніка складала каля 1,2 млн. салдат. На ўзбраенні іх было 9500 гармат і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гармат, 1350 баявых самалётаў. На тэрыторыі Беларусі гітлераўцы стварылі моцную глыбока эшаланіраваную абарону глыбінёй да 270 км пад назвай «Фатэрлянд», тым самым падкрэсліваючы, што ад яе залежыць лёс Германіі.

Войскі Чырвонай Арміі ўваходзілі ў склад чатырох франтоў – 1-га, 2-га і 3-га Беларускіх (камандуючыя К.К.Ракасоўскі, Г.Ф.Захараў і І.Д.Чарняхоўскі), 1-га Прыбалтыйскага фронту (камандуючы I.X.Баграмян). Агульная колькасць савецкіх войскаў складала 2,4 млн. салдат, 36,4 тыс. гармат і мінамётаў, 5,2 тыс. танкаў і самаходных артылерыйскіх установак і 5,3 тыс. самалётаў. Да таго, у тыле ворага дзейнічалі 150 партызанскіх брыгад і 49 асобных атрадаў агульнай колькасцю больш за 143 тыс. чалавек.

У адпаведнасці з планам асаблівае значэнне надавалася разгрому найбольш моцных флангавых нямецкіх вайсковых груповак. 23 чэрвеня 1944 г. войскі 43-й арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту прарвалі абарону «Усходняга валу» на паўночным захадзе ад Віцебска. Войскі 39-й арміі 3-га Беларускага фронту прарвалі абарону праціўніка і абышлі г. Віцебск з паўднёвага і паўднёва-заходняга напрамку. Ноччу 25 чэрвеня часці 43-й і 39-й армій злучыліся ў Бешанковіцкім раёне, акружыўшы ў «кацёл» 5 дывізій 3-й нямецкай танкавай арміі. 26 чэрвеня Віцебск быў вызвалены, а да 27 чэрвеня 1944 г. «кацёл» быў ліквідаваны, каля 20 тыс. салдат і афіцэраў былі забітыя, больш за 10 тыс. паланёныя. Аперацыя па акружэнню варожай групоўкі пад Віцебскам была праведзена агульнавайсковымі арміямі пры падтрымцы авіяцыі і без удзелу буйных танкавых злучэнняў – гэта яе асаблівасць.

Амаль адначасова з падзеямі пад Віцебскам арміі 1-га Беларускага фронту ў ходзе Бабруйскай аперацыі акружылі 6 дывізій нямецкай арміі. Пры гэтым так сама шырока выкарыстоўвалася авіяцыя фронту. Да 28 чэрвеня 1944 г. варожая групоўка колькасцю ў 40 тыс. чалавек была ліквідавана.

Працягваючы паспяхова распачатае наступленне войскі 3-га Беларускага фронту 3 ліпеня 1944 г. вызвалілі сталіцу Беларусі. Першым у Мінск уварваўся танк малодшага лейтэнанта Д.Г.Фролікава 2-га гвардзейскага танкавага корпуса. Услед за ім у Мінск літаральна ўварваліся асноўныя сілы 4-й гвардзейскай танкавай брыгады 2-га гвардзейскага танкавага корпуса, якім камандаваў генерал-маёр А.С.Бурдзейны. Услед за танкістамі рушылі ў бой за вызваленне Мінска часці 11-й і 31-й агульнавайсковых армій. Гераічна змагаліся на вуліцах Мінска воіны перадавых батальёнаў 220-й і 352-й стралковых дывізій. Радавы Сувораў з 1315-га стралковага палка ўстанавіў дзяржаўны сцяг над Домам Урада. Да канца 3 ліпеня 1944 г. у Мінску не было ўзброеных нямецкіх салдат.

На ўсходзе ад Мінска была акружана 105-тысячная групоўка нямецкіх войскаў, якая да 11 ліпеня 1944 г. перастала існаваць.
З вызваленнем Мінска скончыўся першы этап аперацыі «Баграціён». Галоўныя сілы групы армій «Цэнтр» былі разбіты. У паласе савецка-германскага фронту з’явіўся разрыў шырынёй звыш 400 кіламетраў. Спробы тэрмінова ліквідаваць яго не прынеслі поспеху германскаму камандаванню.

Пасля вызвалення Мінска пачаўся другі этап аперацыі (5 ліпеня – 29 жніўня 1944 г.), падчас якога Чырвоная Армія завяршыла знішчэнне акружанага каля Мінска праціўніка.
Як развіццё плана «Баграціён», былі ажыццёўлены Вільнюская, Беластоцкая, Люблін-Брэсцкая і Шаўляйская наступальныя аперацыі. 28 ліпеня быў вызвалены г. Брэст, і было завершана вызваленне Беларусі.

Пад час рэалізацыі другога этапу Беларускай аперацыі была поўнасцю разгромлена групоўка армій «Цэнтр», нанесена рашаючае паражэнне групоўкам «Поўнач» і «Паўночная Украіна» і рэзервовым войскам, што былі перакінуты ў Беларусь з Германіі, Нарвегіі, Італіі, Галандыі. Да канца жніўня Чырвоная Армія дасягнула прыгарада Варшавы – Прагі.

У ходзе Беларускай аперацыі былі разгромлены 17 дывізій і 3 брыгады праціўніка, а 50 дывізій страцілі звыш паловы свайго складу. Агульныя страты нямецкіх войскаў і іх саюзнікаў склалі каля 500 тыс. салдат і афіцэраў. Урон з савецкага боку быў таксама істотным. Чырвоная Армія страціла 765815 салдат і афіцэраў (з якіх 178507 чалавек забітымі).

У выніку аперацыі «Баграціён» Чырвоная Армія вызваліла Беларусь, частку Літвы і Латвіі, уступіла на тэрыторыю Польшчы і падступіла да межаў Усходняй Прусіі. Германскае камандаванне было вымушана перакінуць з Заходняга фронту ў Еўропе на беларускі тэатр ваенных дзеянняў 46 дывізій і
4 брыгады, што значна паспрыяла паспяховаму правядзенню наступлення англа-амерыканскіх войскаў у Францыі.

На працягу ўсёй Беларускай наступальнай аперацыі салдаты і афіцэры Чырвонай Арміі паказвалі ўзоры масавага гераізму. Кожны дзень у баях за Беларусь савецкія воіны здзяйснялі сотні гераічных учынкаў. У баях за Беларусь вызначылася больш за 402 тыс. воінаў Савецкай Арміі, якія былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, а больш як 1500 салдатам, афіцэрам і генералам было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Акрамя таго ў час Беларускай аперацыі вызначыліся 600 вайсковых часцей і злучэнняў, якія атрымалі ганаровыя імёны «Віцебскіх», «Барысаўскіх», «Магілёўскіх» і інш. Разам з савецкімі авіяцыйнымі часцямі ў складзе 1-й паветранай арміі самааддана змагаўся 1-ы асобны знішчальны авіяполк французскіх лётчыкаў «Нармандыя». За мужнасць і гераізм, праяўленыя французскімі лётчыкамі пры вызваленні Беларусі, і ў прыватнасці на рацэ Нёман, палку было прысвоена назва «Нёманскі».

Такім чынам, у выніку аперацыі «Баграціён» стратэгічнае становішча на Усходнім фронце карэнным чынам змянілася на карысць Чырвонай Арміі. Савецкія войскі ўступілі на тэрыторыю Польшчы, непасрэдна наблізіліся да дзяржаўнай мяжы з Германіяй. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа супраць фашысцкай Германіі ўступіла ў сваю канчатковую стадыю.

Па ацэнцы аперацыі «Баграціён» з боку нямецкага камандавання, яна лічылася яшчэ большай катастрофай для вермахта, чым паражэнне пад Сталінградам. Беларуская наступальная аперацыя па свайму размаху, колькасці сіл, што ўдзельнічалі ў ёй, з’яўляецца адной з буйнейшых бітваў Другой сусветнай вайны. І гэтая бітва была цалкам прайграная нямецкімі генераламі.

У выніку поспеху Чырвонай Арміі ў Паўночнай Францыі 6 чэрвеня 1944 г. без вялікіх цяжкасцяў прайшла грандыёзная дэсантная аперацыя англа-амерыканскіх войскаў, канчатковай мэтай якой было стварэнне другога фронту. У Германіі склалася змова генералітэту з мэтай звяржэння Гітлера і заключэння сепаратнага міру з краінамі Захаду. Але замах на жыццё фюрэра не ўдаўся і Германія пад кіраўніцтвам Гітлера працягвала ісці да сваёй катастрофы.