БССР у гады вайны

Пачатак Вялікай Айчынай вайны

Пачатак Вялікай Айчынай вайны

22 чэрвеня 1941 года без аб’яўлення вайны Германія напала на СССР. На Беларусі супраць савецкага Заходняга фронту (камандуючы Дз.Паўлаў), пераўтворанага з Заходняй асобай ваеннай акругі, дзейнічала нямецкая група армій “Цэнтр” (генерал-фельдмаршал фон Бок). У першыя гадзіны вайны адбыліся масавы артылерыйскі абстрэл прыгранічнай тэрыторыі і бомбавыя ўдары па аддалёных ваенных базах Чырвонай Арміі, якая панесла велізарныя страты тэхнікі і людскіх рэсурсаў.

На дзяржаўнай мяжы адразу адбыліся цяжкія баі. Да канца ліпеня абараняўся гарнізон састарэлай Брэсцкай крэпасці. Аднак немцы прарвалі абарону і хутка прасоўваліся ўглыб Беларусі. 28 чэрвеня пасля жорсткіх баёў, у якіх удзельнічалі добраахвотныя атрады з жыхароў горада, Мінск быў здадзены. На захад ад Мінска ў акружэнні апынуліся злучэнні некалькіх савецкіх армій колькасцю некалькі соцен тысяч чалавек. 29 чэрвеня была аб’яўлена дадатковая мабілізацыя – у армію з БССР было прыцягнута каля 500 тыс. чалавек. У дапамогу арміі фарміравалі палкі народнага апалчэння.

У пачатку ліпеня 1941 уздоўж Заходняй Дзвіны і Дняпра была створана лінія абароны. 14 ліпеня пад Оршай упершыню выкарысталі дывізіён рэактыўных мінамётаў “Кацюша” (камандаваў І.Флёраў). Жорсткія баі разгарнуліся за беларускія гарады. З 3 па 26 ліпеня абараняўся Магілёў, жорсткая шматгадзінная бітва адбылася на Буйніцкім поле. З 12 па 19 жніўня абараняўся Гомель. Аднак да пачатку верасня 1941 года ўся тэрыторыя Беларусі была захоплена германскай арміяй. Усё гэта было вынікам не столькі тэхнічнай адсталасці Чырвонай Арміі, сколькі памылак сталінскага кіраўніцтва, масавых рэпрэсій сярод афіцэраў. Але Сталін знайшоў “вінаватых” – за правал абароны Беларусі быў расстраляны Дз.Паўлаў і некаторыя іншыя военачальнікі.