Развіццё капіталізму ў прамысловасці

Развіццё капіталізму ў прамысловасці

Пасля 1861 г. прамысловасць Беларусі пачала ўваходзіць ў трэцюю стадыю развіцця – фабрычна-заводскай вытворчасці (буйной машыннай індустрыi). Але важную ролю мелі іншыя формы вытворчасці.

Рамесная вытворчасць на Беларусi мела свае асаблівасці развіцця. Вырасла прыкладна ў тры разы колькасць прадпрыемстваў (58,1 тыс.), рабочых (110 тыс.) і сумы вытворчасці (14,1 млн. руб.); адбывалася спецыялізацыя рамяства; побач з рамеснікам дзейнічаў пасрэднік – скупшчык.

Дробнакапіталістычныя прадпрыемствы (без паравых рухавікоў і з колькасцю наёмных рабочых ад 5 да 16 чалавек) пераважалі ў харчовай, гарбарнай і тэкстыльнай вытворчасці; вырасла iх колькасць да 17,1 тыс.; колькасць рабочых і сума вытворчасці (44 млн. руб.) Да 90-х гг. Дробнакапiталiстычныя прадпрыемствы выраблялі палову прамысловай прадукцыі Беларусі.

Перавага дробнакапіталістычных прадпрыемстваў на Беларусі мела свае падставы. Гэта iснаванне “мяжы аседласці яўрэйскага народа”. Яўрэі не мелі права валодаць зямлёй і пражываць на вёсцы, таму асноўнае іх заняцце – рамяство і дробны гандаль. Іншыя прычыны – адсутнасць на Беларусі буйных радовішчаў сыравіны для развiцця цяжкай прамысловасці; большая мабільнасць дробных прадпрыемстваў, што працавалі па перапрацоўцы мясцовай сельскагаспадарчай сыравіны; суседства Беларусі з буйнымі прамысловымі раёнамі царскай Расіі: Цэнтральным, Пецярбургскім, Прыбалтыйскім, Польскім, у якіх буйная прамысловасць пераважала над сярэдняй і дробнай.

Капіталістычная мануфактура – гэта прадпрыемствы з больш чым 16 рабочымі, дакладным падзелам працы, без паравых рухавікоў. На працягу разглядаемага перыяду вырасла іх колькасць – з 140 да 760. На канец стагоддзя мануфактуры пераважалі ў гарбарнай, цагельнай, ганчарнай вытворчасці. Колькасць рабочых склала 28,8 тыс.

Фабрычна-завадская прамысловасць. Трэба выдзяліць два перыяды ў развіцці фабрычна-заводскай вытворчасці. 60-70-я гг. вызначаліся павольным ростам вытворчасці, панаваннем дробнатаварнай вытворчасці. 80-90-я гг. вызначаліся прамысловым пад’ёмам, ростам колькасці фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў.

Прамысловы пераварот (шырокае выкарыстанне паравых рухавікоў) пачаўся на Беларусі ў дарэформенны час. На Беларусі ён пачаўся ў металаперапрацоўчай і вінакурнай прамысловасці. Крычны спосаб атрымання жалеза быў заменены пудлінгавым у домнах. Прадпрыемствы з домнамі і паравымі рухавікамі – гэта Старынкаўскі чыгуналіцейны завод, Барысаўшчынскі металургічны завод, Налібоцкі металургічны камбінат. На першых двух да 1861 г. вырабляліся паравыя машыны. Асаблівасці прамысловага перавароту на Беларусі: ён завяршыўся на 10 гадоў пазней, чым у Расіі, толькі ў канцы 90-х гг. бо асноўная колькасць буйных прадпрыемстваў была пабудавана ў 80-90-я гг., на сродкі акцыянерных кампаніі і банкаў. У 1890 г. фабрыкі і заводы Беларусі давалі 47,8% усёй прамысловай прадукцыі з рэгіёну, але захоўваўся нізкі ўзровень канцэнтрацыі вытворчасці, пераважалі малыя і сярэднія прадпрыемствы (да 50 рабочых). Прадпрыемстваў з колькасцю рабочых больш за 500 было толькі 1% (па Расіі 3,5%).

Акцыянерныя кампаніі з’явіліся як вынік канцэнтрацыі вытворчасці. На Беларусі да 1900 г. дзейнічала каля 10 акцыянерных таварыстваў, якія адкрывалі буйныя прадпрыемствы. У стварэнні акцыянерных кампаній актыўны ўдзел прымалі банкі, якія валодалі значнымі капіталамі. Галоўныя сферы ўкладання сродкаў для камерцыйных банкаў – гандаль, пярвічная апрацоўка лесу і льну. Найбольш уплывовыя банкі: Мінскі камерцыйны банк (1873 г.) – вядучы ў рэгіёне; Азова-Данскі камерцыйны банк (з 1871 г. філіялы ў Мінску, Магілёве, Пінску); Пецярбургска-Азоўскі банк у 90-я гг. меў аддзяленне ў Мінску; Дзяржаўны банк меў 5 аддзяленняў у губернскіх гарадах; Віленскі прыватна-камерцыйны банк (філіялы ў Бабруйску, Гомелі, Гродне і Слоніме); Камерцыйны банк у Беластоку.

Фабрычна-заводская прамысловасць садзейнічала росту гарадоў. Але буйныя прамысловыя цэнтры на Беларусі не сфарміраваліся. Беларуская прамысловасці спецыялізавалася на перапрацоўцы сельскагаспадарчай, лясной і мінеральнай сыравіны, прадпрыемствы размяшчаліся пераважна ў сельскай мясцовасці.

Галоўныя галіны вытворчасці на Беларусі – гэта харчовая (пераважна вінакурная) прамысловасць; дрэваапрацоўчая (запалкавая і папярова-друкарская); тэкстыльная; металаапрацоўчая прамысловасць разам з чыгуначнымі майстэрнямі; сілікатна-керамічная і будаўніча-рамонтная прамысловасць, выраб шкла; гарбарная; хімічная прамысловасць.

Прамысловасць Беларусі знаходзілася ў залежнасці ад сусветных эканамічных крызісаў. Пад час крызісаў 1873-1875 і 1881-1882 гг. на Беларусі найбольшыя страты панеслі дробная вытворчасць і мануфактуры, але фабрычна-заводская прамысловасць не была закранута. Крызісы з’явіліся штуршком да замены дробнай і мануфактурнай прамысловасці фабрычнай. Бурны прамысловы ўздым прыйшоўся на 90-я гг. Пад час яго сярэднегадавыя тэмпы прыросту прадукцыі склалі 8,2%. Асабліва хутка развівалася буйная прамысловасць (рост на 13,3%). З 1890 да 1900 г. узнікла 16 тыс. новых прадпрыемстваў; удзельная вага беларускай прамысловасці ў прамысловасці Расіі склала каля 5%, колькасць рабочых 10%. У цэлым прамысловасць Беларусі ў параўнанні з іншымі раёнамі Расіі дасягнула сярэдняга ўзроўню развіцця.