Скульптура

Скульптура выкарыстоўвалася ў афармленні касцёлаў, праваслаўная царква яе не прымала. Яскравае ўяўленне аб ансамблі ранняга барока дае алтар касцёла ў Будславе (1643-1651 гг.). У алтарнай скульптуры канца XVII ст. адбываецца ўзмацненне барочных матываў (“Распяцце” Казіміруса Круповіча, 1696 г.). У сярэдзіне XVIII ст. скульптура нярэдка выконвалася пад светлы мармур, ці наадварот, уся фігура пакравалася пазалотай, пасярэбранню, акрамя твару і рук (статуі з Гродна, Кобрына, Шарашова.

У свецкай скульптуры шырока распаўсюдзілася мемарыяльная скульптура – надмагіллі. Устанаўленне помніка ў храме гаварыла пра наяўнасць на Беларусі новага, гуманістычнага светапогляду. Надмагіллі вядомы з XVI ст., выконваліся замежнымі, часцей італьянскімі майстрамі. З XVII ст. вядомы надмагіллі ў Нясвіжы (1608 г. і 1616 г.), у Крамяніцы (1623 г.), у Гальшанах, Вільне. У XVIII ст. у надмагіллі пачынаюць укампаноўвацца маляўнічыя партрэты. У мемарыяльнай скульптуры Беларусі сустракаюцца амаль усе вядомыя тыпы надмагілляў, выкананыя на высокім мастацкім узроўні, яны сведчаць аб вялікіх поспехах мастацтва партрэта.

У разбе сярэдзіны XVII ст. адбыліся значныя змены, звязаныя з засваеннем раней невядомых матываў і выкарыстоўваннем вялікай колькасці невядомых раней інструментаў. Беларускія майстры творча перапрацавалі барочную разьбу, яны зрабілі яе высокай, аб’ёмнай. Найбольш выдатныя помнікі – гэта шматярусныя іканастасы, характэрныя толькі для праваслаўных і ўніяцкіх храмах. Новы, беларускі, “ачышчаны ад каталіцызму” варыянт разьбы майстры прынеслі ў Маскву, дзе майстры ведалі толькі плоскую “фражскую” разьбу. Славу беларускім майстрам у Маскве стварыў палац цара ў Каломенскім (1667-1668 гг.) і шэраг іканастасаў для маскоўскіх манастыроў і сабораў (Новадзявочы манастыр 1683-1686 гг.). У XVIII ст. у перыяд сталага барока адбываецца “абміршчэнне”, што праяўляецца ў скарачэнні радоў іканастасу, у больш стрыманым іх афармленні. Павышаная ўвага ўдзяляецца царскім варотам. Адначасова некаторыя помнікі гавораць аб прыкметным зніжэнні прафісійнага майстэрства рэзчыкаў, як і ў іканапісе – рэлігійнае мастацтва не здольна было паказаць перадавыя тэндэнцыі эпохі.