Рух Супраціўлення ў краінах Еўропы

Рух Супраціўлення ў краінах Еўропы

Акупацыя сваёй краіны, страта нацыянальнай незалежнасці ў любой краіне і ў любы гістарычны час выклікае масавы рух за аднаўленне страчаных пазіцый. З першых дзён германскай акупацыі такі рух узнік у большасці еўрапейскіх краін – гэтая барацьба вядома ў гісторыі Другой сусветнай вайны як «Рух Супраціўлення». У ім ўдзельнічалі людзі розных сацыяльных слаёў – інтэлігенцыя і буржуазія, рабочыя і сяляне; розных палітычных і рэлігійных поглядаў – камуністы і сацыялісты, лібералы і кансерватары, беспартыйныя, хрысціяне і мусульмане. Але ў іх была адна агульная мэта – супрацьстаяць германскаму акупацыйнаму рэжыму і аднавіць незалежнасць сваіх краін.

З восені 1939 г. антыгерманскае супраціўленне ўзнікае ў Польшчы. Польскі антыгерманскі рух актыўна падтрымліваўся польскім эміграцыйным урадам В.Сікорскага ў Лондане. Значную сілу прадстаўляла Армія Краёва, якая дзейнічала так сама і на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

У Францыі адным з ініцыятараў антыгерманскага руху была Камуністычная партыя. У сваім Маніфесце ад 10 ліпеня 1940 г. яна заклікала да стварэння шырокага фронту барацьбы за свабоду Францыі. За межамі краіны барацьбу з Германіяй працягвала «Свабодная Францыя» на чале з генералам де Голем, утвораная ў чэрвені 1940 г. у Лондане. Заклік камуністаў меў вынік – у пачатку ліпеня 1941 г. французскія антыфашысты аб’ядналіся ў Нацыянальны фронт, а ў маі 1943 г. быў створаны Нацыянальны савет Супраціўлення. У краіне ствараліся атрады вольных стралкоў – франціераў і партызан. У пачатку 1944 г. у «Французскіх ўнутраных сілах» налічвалася каля
500 тыс. чалавек.

Камуністы сталі найбольш уплывовай антыфашысцкай сілай і ў Югаславіі. Ужо восенню 1941 г. у радах югаслаўскіх партызан налічвалася каля 70 тыс. чалавек. У лістападзе 1942 г. была сфарміравана Народна-вызваленчыя армія, якая пачала вызваляць раёны краіны. Антыгерманскі рух набываў у Югаславіі ўсенародны характар. Менавіта з гэтай нагоды барацьба з партызанамі ў славянскай Югаславіі, як і з партызанамі ў СССР вялася з боку нямецкіх войскаў надзвычай жорстка. За час акупацыі Югаславіі загінула звыш 1,7 млн. югаслаўскіх патрыётаў.

Рух Супраціўлення не абмяжоўваўся тэрыторыяй акупаваных краін і еўрапейскім рэгіёнам, ён пашыраўся на ўвесь свет. Антыфашысты дзейнічалі ў Швецыі, Швейцарыі, у краінах Лацінскай Амерыкі, Кубе, Аўстраліі, Мексіке, Аргенціне, Бразіліі. У краінах-агрэсарах – Італіі, Аўстрыі, Румыніі, Балгарыі, Харватыі, Фінляндыі, Венгрыі – таксама разгортвалася патрыятычная барацьба. У Італіі дзейнічалі гарыбальдзійскія брыгады. Іх аб’яднанне – «Дабраахвотнікі свабоды» на пачатак 1945 г. налічвала 350 тыс. чалавек.

Узнікненне руху Супраціўлення было гістарычна заканамерным. Гэта быў пратэст дэмакратычнага грамадства супраць антычалавечнага, тэрарыстычнага характару так званага «новага парадку» з яго жудаснымі формамі расавай і іншымі формамі дыскрымінацыі насельніцтва. Рух Супраціўлення базіраваўся на праверанай векавым вопытам розных народаў ідэі нацыянальна-вызваленчага руху. А менавіта ў рамках такога руху магчыма аб’яднанне розных, палітычных груп, незалежна ад іх класавай прыналежнасці і ідэйна-палітычнай арыентаванасці.

Ответить