Ураджэнцы Беларусі – героі савецкага тылу

Ураджэнцы Беларусі – героі савецкага тылу

Значны ўклад у перамогу над ворагам унеслі працоўныя Беларусі, эвакуіраваныя на ўсход краіны. Знаходзіліся яны галоўным чынам у Паволжы, на Урале, у Заходняй Сібіры. У асноўным эвакуіраваныя прадпрыемствы зліваліся з мясцовымі, аднароднымі па профілю. Аднак, каля 20 пераважна буйных прадпрыемстваў захавалі самастойнасць. Ужо ў жніўні-верасні 1941 г. пачалі даваць прадукцыю 15 эвакуіраваных заводаў, у кастрычніку-лістападзе – яшчэ 20. Да лета 1942 г. на абарону працавалі больш за 60 беларускіх прадпрыемстваў.

Беларускія працоўныя так сама паказвалі ўзоры працоўнага гераізму. Завод «Гомсельмаш» пачаў даваць прадукцыю праз месяц ад свайго прыбыцця ў Курган. За такі ж час стаў даваць ваенную прадукцыю Гомельскі станкабудаўнічы завод. У верасні 1941 г. далі прадукцыю гомельскія паравозавагонарамонтны і суднарамонтны заводы, віцебскія станкабудаўнічы імя Камінтэрна, фабрыкі імя КІМ і імя К.Цэткін, у кастрычніку-лістападзе – гомельскі завод «Рухавік рэвалюцыі», Віцебскі іголкавы, фабрыка «Сцяг індустрыялізацыі» і іншыя прадпрыемствы.

Беларусы былі зачынальнікамі шматлікіх пачынаў. Гомельскія станкабудаўнікі ужо да сакавіка 1942 г. значна скарацілі фактычныя затраты часу на выпуск асноўных вырабаў. За гады вайны калектыў завода тры разы заваёўваў першае месца і шэсць разоў другое месца ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве.

Восенню 1942 г. маладыя рабочыя, эвакуіраваныя з Беларусі, ўключаліся ў патрыятычны рух за стварэнне камсамольска-маладзёжных брыгад, якія браліся за самыя адказныя заданні. Лепшым з іх прысвойвалася званне «франтавых». Першай камсамольска-маладзёжнай брыгадай на заводзе «Гомсельмаш» стала брыгада Ф.Мельнікава.
З вытворчым планам 1943 г. брыгада справілася на 224%.
За выдатныя вытворчыя паказчыкі ў кастрычніку 1943 г. брыгадзе быў уручаны пераходны Чырвоны сцяг абкама камсамола і прысвоена званне лепшай франтавой камсамольска-маладзёжнай брыгады Курганскай вобласці. Ужо ў 1944 г. на заводзе «Гомсельмаш» працавала 113 камсамольска-маладзёжных брыгад, з якіх 26 мелі званне «франтавых».

Адвагу і стойкасць праяўлялі беларускія чыгуначнікі.
З небяспекай для жыцця яны вадзілі паязды ў прыфрантавой паласе, падвяргаліся налётам варожай авіяцыі. Зачынальніцай пачыну сярод чыгуначнікаў была жанчына – А.М.Чухнюк. Яна правяла цяжкавагавы састаў з апярэджаннем графіка, без дадатковага набору паліва. За высокія паказчыкі ў рабоце яна была ўдастоена звання Героя Сацыялістычнай Працы. Такую ж узнагароду атрымалі беларускія чыгуначнікі А.В.Глебаў, М.А.Макараў, I.П.Першукевіч, А.А.Янкоўскі.

Частка эвакуіраванага насельніцтва, а гэта па падліках болей за 1,5 млн. чалавек, працавала ў сельскай гаспадарцы трактарыстамі, камбайнерамі, жывёлаводамі, паляводамі, брыгадзірамі, старшынямі калгасаў. Многія беларусы, якія самааддана і мужна працавалі ў савецкім тыле, атрымалі ганаровыя званні лепшых па прафесіі, пераможцаў спаборніцтваў, перадавых работнікаў, а таксам былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі.

Ответить